КАРАБЕ́ЛЬНЫЯ ЧЭ́РВІ, тэрэда (Teredo),

род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. тэрэдынід. Каля 30 відаў. Пашыраны ў морах трапічнага і ўмеранага паясоў Паўн. паўшар’я. Жывуць у драўніне, што трапляе ў марскую ваду, у падводных ч. драўляных суднаў і гідратэхн. збудаванняў, у якіх праточваюць хады і разбураюць драўніну.

Цела даўж. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў, чэрвепадобнае. На пярэднім канцы маленькая ракавіна (даўж. каля 10 мм), якая служыць для свідравання. Нага рэдукаваная. Робяць хады даўж. да 2 м, дыяметрам да 5 см. Гермафрадыты. Кормяцца планктонам, фільтруючы ваду, а таксама апілкамі. Некат. віды ядомыя ў краінах Паўд.-Усх. Азіі.

Карабельны чарвяк тэрэда ў кавалку паточанага ім дрэва.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)